Прадмет: беларуская мова
Клас: 5
Тэма: Склад. Націск
Мэта: паглыбленне ведаў вучняў пра ролю складападзелу і націску ў словах.
Задачы: - узнавіць і развіваць уменні дзяліць словы на склады, адрозніваць націскныя і ненаціскныя склады, удасканальваць навык вызначэння пазіцыі складу адносна націскнога, садзейнічаць запамінанню выпрацоўцы правільнага вымаўлення слоў, у якіх вучні робяць памылкі ў націску;
- развіваць граматычны лад мовы вучняў, уменне правільна ужываць словы ва ўласным вусным і пісьмовым маўленні;
- выхоўваць любоў і павагу да роднай мовы, добразычлівасць.
Тып урока: урок вывучэння новай тэмы.
Форма ўрока: гульня-падарожжа
Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, карткі з заданнямі, падручнік.
Ход урока
І. Рэлаксацыя.
Дзень добры!
І сядайце, калі ласка.
Пара вучыцца зноў прыйшла,
Вас запрашаю на ўрок,
Нібыта ў казку,
Жадаю плёну, поспехаў, дабра!
- Сёння ў нас незвычайны ўрок, таму што я запрашаю вас наведаць казачную краіну “Жывых слоў”. (Слайд 1.)
- Якой вы ўяўляеце краіну “Жывых слоў”?
- Якія словы, на вашу думку, называюцца жывымі?
- Вядомы беларускі паэт А. Вярцінскі пісаў:
(Слайд 2.)
Ні болей, ні меней: жывое слова,
Слова інакшым не можа быць.
Іначай што яно можна зрабіць?
Іначай не зерне яно, а палова…
Слова жывое – увасабленне
Любові жывой, жывога сумлення.
Для таго каб радавацца жыццю, людзям патрэбны жывыя словы, якія дапамогуць ім у любы час. І сёння мы з вамі пазнаёмімся з жыхарамі краіны “Жывых слоў”.
ІІ. Паведамленне тэмы, мэты і задач урока.
- Перш, чым адправіцца ў незнаёмую краіну і выглядаць культурнымі і ветлівымі людзьмі, нам патрэбна пазнаёміцца з яе гісторыяй і культурай і даведацца, які каштоўны падарунак атрымалі жыхары краіны ад Мовы.
Паслухайце, калі ласка, якія звесткі я пра яе знайшла: (Слайд 3.)
Калісьці жылі-былі ў адной краіне словы, якія былі заўсёды сумныя і не ўмелі выказваць свае эмоцыі. Акрамя таго, яны заўсёды спрачаліся паміж сабой, не маглі дагаварыцца, таму што кожнае слова лічыла сябе самым важным і не магло пагадзіцца, каб уступіць у тэксце месца другому. І тэксты, якія складалі гэтыя словы нічога не выражалі, гучалі непрыгожа і аднастайна.
Але аднойчы ў іх краіну завітала добрая чараўніца Мова. Паглядзела яна на жыццё слоў і дапамагла ім, зрабіўшы каштоўны падарунак ад шчырага сэрца. З таго часу словы ажылі і краіна іх стала называцца “Жывой”. А словы павесялелі і больш не сварыліся, кожны зразумеў сваю ролю, словы пачалі вымаўляцца прыгожа і выражаць розныя эмоцыі.
ІІІ. Матывацыя вучэбнай дзейнасці.
- Як вы думаеце, што ж падарыла чараўніца Мова словам? Чаму яны сталі вымаўляцца прыгожа? (Склад і націск.) (Слайд 4.)
(Вучні запісваюць тэму ўрока ў сшыткі.)
- Для чаго жыхарам краіны спатрэбіліся ўменне дзяліцца на склады і ставіць націск?
- А вам патрэбны гэтыя ўменні?
- Для чаго вам яны неабходны?
- Пра што вы хочаце даведацца ў краіне “Жывых слоў”?
- Чаму навучыцца?
- Тады давайце адправімся ў падарожжа.
ІV. Актуалізацыя раней набытых ведаў.
- Дазвольце мне быць вашым правадніком. У госці мы з пустымі рукамі не пойдзем, а возьмем з сабою рукзак з ведамі, а ў дапамогу – падручнік.
Я прапаную вам вам запоўніць рукзак словамі-падарункамі, размясціўшы іх як можна хутчэй ў алфавітным парадку: (Слайд 5.)
Адказнасць, беражлівасць, весялосць, добразычлівасць, захапленне, імклівасць, кемлівасць, лагоднасць, мэтанакіраванасць, настойлівасць, павага, радасць, салідарнасць, творчасць, уважлівасць, фантазія, цярплівасць, чалавечнасць, шчырасць, якаснасць, эмацыянальнасць.
Вучні працуюць у парах, зачытваюць адказы, затым правяраюць сябе на слайдзе. (Слайд 6.)
- Якія веды дапамаглі вам выканаць гэтае заданне?
- Я думаю, што жыхары нашай краіны будуць радыя вашым падарункам, папоўняць свой слоўнікавы запас, таму што ідзём мы да іх толькі з добрымі намерамі.
V. Вывучэнне новай тэмы.
На мяжы цудоўнай краіны мы сустракаем яе вартавых: Склад і Націск. (Слайд 7.)
- Давайце з дапамогай падручніка вызначым, хто гэта такія?
Вучні чытаюць правіла ў падручніку на с. 129, 130.
VІ.Замацаванне ведаў, уменняў і навыкаў.
- У нашых новых знаёмых шмат пытанняў і заданняў для вас, якія дапамогуць вам бліжэй пазнаёміцца з жыхарамі іх краіны. Давайце паспрабуем іх выканаць.
Заданне 1-га канверта (ІІІ узр.) (Слайд 8.)
Раскажыце пры дапамозе складоў, хто вы такія, з якой краіны завіталі.
Практыкаванне 222.
Прачытайце выразна тэкст, а пасля запішыце, падзяляючы словы на склады:
Мы – тройчы дзеці ў вечным крузе:
Мы дзеці роднае сям’і,
І дзеці Маці-Беларусі,
І дзеці Матухны-Зямлі.
- Як уменне дзяліць на склады словы дапамагло вам пры чытанні і вымаўленні слоў?
Заданне 2-га канверта (ІV узр.) (Слайд 9.)
Нашы жыхары-жывыя словы вельмі любяць утвараць новыя словы. Дапамажыце ім у гэтым.
Практыкаванне 223.
Рашэнне лінгвістычных задач
Дадатковае заданне (V узр.):
Утварыце з двух слоў трэцяе новае слова: (Слайд 10.)
Саха + рама =?
Сала + па = ?
Лена + рыба = ?
Зрокавая гімнастыка.
- Я думаю, што са складамі, мы ўжо пасябравалі. А цяпер давайце пасябруем і з націскам.
Заданне 3-га канверта (ІІІ узр.) (Слайд 11.)
Пастаўце націскі ў словах, карыстаючыся тлумачальнымі слоўнікамі беларускай мовы. Прадстаўнік першага рада запісвае словы на дошцы з націскам на прыстаўцы, другога – на корані, трэцяга – на суфіксе.
- Прыказка, завязь, почырк, чараўнік, клубок, нарасць, хвароба, просьба, каралева, печыва, падвода, недаробка, загадка, разведка, вужака, выгрузка, касілка, сеялка, скакалка, сняжынка, талерка, пяцёрка, накіп, поліўка, абноўка, сувязь, бяссоніца, подкуп, баравік.
Праверка задання: (Слайд 12.)
| На прыстаўцы | На корані | На суфіксе |
| прыказка завязь почырк нарасць загарадка выгрузка накіп поліўка сувязь подкуп | просьба печыва падвода недаробка загадка разведка сеялка талерка абноўка бяссоніца | чараўнік клубок хвароба каралева вужака касілка скакалка сняжынка пяцёрка баравік |
Фізкультхвілінка “Пагуляйце разам з намі” (Слайд 13.)
Вучні выходзяць з-за партаў, настаўнік чытае пытанні. Хто першы падымае руку і дае правільны адказ, той выходзіць у цэнтр класа і пачынае ствараць “кола ведаў”. Гульня працягваецца, пакуль усе вучні не стануць у круг.
Якім словам усё роўна, пераблытаны іх склады ці не?
Як ахоўны слой дрэва ператварыць у прыродны вадаём?
У слове некалькі зычных і адзін галосны гук. Колькі ў ім складоў?
Што трэба зрабіць са словам падасінавік і падбярозавік, каб у іх было па шэсць складоў?
Колькі тут слоў са складам ра: раніца, парада, аўторак, рад, паветра, возера, барада?
Назавіце беларускую раку, у назве якой адзін склад? Два склады?
Назвы якіх беларускіх гарадоў маюць два склады? Тры склады?
Як ператварыць прыладу працы, якой косяць сена, ва ўстанову, дзе прымаюць і выдаюць грошы?
А невялікую скрыпку – у жанчыну, што іграе на ёй?
Які горад – Гродна, Магілёў або Мазыр – у гістарычных дакументах упершыню ўпамінаецца ў 1155 годзе? У слове-адказе націск на другім складзе.
Ці адрозніваюцца значэннем наступныя словы: конюх – канюх, комін – камін, прымус – прымус?
- Паглядзіце, зараз мы ўтварылі трывалае кола нашых ведаў. Малайцы!
Заданне 4-га канверта (ІV узр.) (Слайд 14.)
Адкажыце на праблемнае пытанне: ці ўплывае націск на правапіс слоў?
Практыкаванне 227.
Спішыце, пастаўце націск у словах. Першы склад перад націскам абазначце лічбай 1, другі – лічбай 2 і г.д. Растлумачце напісанне выдзеленых літар.
Ляснік, леснічоўка, няясны, неспадзявана, пасёлак, пасялковы, распілоўка, распілаваць.
Дадатковае заданне (V узр.)
Са словам пасёлак складзіце просты развіты сказ, запішыце яго і падкрэсліце члены сказа.
Заданне 5-га канверта (V узр.) (Слайд 15.)
Перастаўце прамавугольнікі так, каб прачытаць пажаданне жыхароў краіны “Жывых слоў”.
| Ё | Ж | А | З | В | Е | Б |
| хоў | вай | Ша | це | це | за | нуй |
| Д | К | Г | І | Л | М | Й |
| ва, | пры | сло | я | га | жосць! | го |
Адказ: “Шануйце слова, захоўвайце яго прыгажосць!” (Слайд 16.)
VІ. Падвядзенне вынікаў урока.
Вялікі дзякуй жыхарам нашай краіны, іх вартавым і нашаму памагатаму – падручніку, але, на жаль, нам пара развітвацца з імі.
Скажыце, калі ласка, чаму вы навучыліся, пабываўшы ў гасцях?
Чым дапамог вам падручнік?
Якія добрыя словы вы сёння пачулі?
Чаму ж словы сталі жывымі?
Выстаўленне адзнак.
VІІІ. Дамашняе заданне. (Слайд 17.)
Паўтарыць правіла § 30,
2. Выканаць заданні пр.228 (ІІІ-ІV узр.)
3. Ажывіць словы пр.229 і выканаць заданні з гэтымі словамі (V узр.).
VІІ. Рэфлексія.
(Слайд 18.)
Ад слова вырастаюць крылы,
Ад слова стукае любоў,
Ад слова прыбываюць сілы,
Дык не шкадуйце шчырых слоў.
С. Грахоўскі
- Няхай з вашых вуснаў гучаць толькі добрыя і шчырыя жывыя словы! Дзякуй вам за працу!
(Слайд 19.)
6