Установа адукацыі “Скідзельскі дзяржаўны сельскагаспадарчы
прафесійны ліцэй”
Сцэнічная пастаноўка
Піліпаўскія вячоркі
Бардакова Марына Станіславаўна,
педагог-арганізатар
Скідзель
Анатацыя
Метадычная распрацоўка мерапрыемства “Піліпаўскія вячоркі” прымяняецца для правядзення пазакласных мерапрыемстваў.
Мэта мерапрыемства: выхаванне любові і павагі да роднага слова, да нацыянальнай спадчыны сродкамі мадэлявання абраду вячорак праз раскрыццё багацця і каларыту беларускага фальклору (песні, прыпеўкі, танцы, загадкі, прыкметы).
Задачы:
пазнаёміць вучняў з адметнымі традыцыямі беларускіх піліпаўскіх вячорак, развіваць творчую цікавасць пры вывучэнні духоўнай культуры продкаў,
выхоўваць павагу і любоў да роднага слова, раскрыць багацце і каларыт беларускага фальклору,
паглыбіць веды пра гісторыю і культуру роднага краю.
Форма правядзення: сцэнічная пастаноўка.
Адрас правядзення: “Піліпаўскія вячоркі” праводзіліся ў інтэрнаце ліцэя па адрасу: г.Скідель, вул Кастрычніцкая, 40, 5 паверх.
Прадстаўлены матэрыял знаёміць нас з тым, як нашы продкі праводзілі Піліпаўскія вячоркі, дае магчымасць выкарыстаць элементы традыцыйнай абраднасці пры правядзенні сучасных свят грамадскага гучання і сямейных урачыстасцей.
Мерапрыемства можа быць цікавым для настаўнікаў, класных кіраўнікоў, куратараў, выхавальнікаў, кіраўнікоў фальклорных і тэатральных гурткоў.
Змест
| Анатацыя | |
| 1. Уводзіны | 4 |
| 2. Сцэнар мерапрыемства “Піліпаўскія вячоркі” | 5 |
| 3. Заключэнне. Спіс літаратуры Дадаткі: Дадатак 1. Песня “Цячэ быстра рэчка”. Дадатак 2. Песня “Чаму ж не прыйшоў…” Дадатак 3. Песня “Каліна” Дадатак 4. Фотаздымкі з мерапрыемства “Піліпаўскія вячоркі” | 13 14 15 16 17 18 |
| | |
Уводзіны
Найважнейшай мэтай сучаснай адукацыі і адной з прыярытэтных задач развіцця грамадства і дзяржавы з'яўляецца выхаванне, сацыяльна-педагагічная падтрымка станаўлення і развіцця высокамаральнага, адказнага, творчага, ініцыятыўнага, кампетэнтнага грамадзяніна Беларусі.
Сучаснае грамадства патрабуе фарміраванне адмысловага тыпу асобы, якая характарызуецца веданнем культуры роднага краю, звычаяў, духоўнай культуры сваіх продкаў.
Піліпаўскія вячоркі – важная частка як побытавай, так і духоўнай культуры продкаў, неад’емная частка грамадскага жыцця вясковай моладзі. Раней Піліпаўскія вячоркі – дзявочыя працоўныя вечары –пачыналіся з наступленнем перыяду посту перад святамі Божага нараджэння.
На вячоркі збіраліся дзяўчаты невялікімі групамі. Вячоркам папярэднічалі запрашэнні. Асноўным жаночым заняткам гэтага перыяду было прадзенне. Кожная дзяўчына несла з сабою прылады працы для прадзення. Пралі пад наглядам старэйшай жанчыны ў хаце. Гаспадыня хаты, дзе праходзілі Піліпаўскія вячоркі, гатавала вячэру. І яшчэ, абавязковым элементам Піліпаўскіх вячорак быў прыход хлопцаў. Гурту хлопцаў запрашэнне не патрабавалася. Яны за вечар абыходзілі ўсе хаты, дзе былі вячоркі.
Мерапрыемства праходзіць у форме сцэнічнай пастаноўкі. Актуальнасць яго арганізацыі заключаць ў тым, што яно дае дадатковыя магчымасці для самарэалізацыі падлеткаў. У сучасным жыцці веданне звычаяў правядзення Піліпаўскіх вячорак можа стаць асновай для анімацыйных праграм, а таксама сцэнічных пастановак, што давалі б магчымасць моладзі паспрабаваць свае сілы ў характэрных для перыяду посту занятках, а таксама паўдзельнічаць у традыцыйных гульнях і танцах, пакаштаваць традыцыйных посных страў беларускай кухні.
Ход мерапрыемства:
Слова педагога-арганізатара:
Добры дзень, паважаныя выкладчыкі, вучні! Сёння мы з вамі даведаемся, як нашы продкі праводзілі дзявочыя вячоркі з рукадзеллем або Піліпаўскія вячоркі. Яны пачыналіся пасля Піліпаўскага посту ў праваслаўных, а ў каталікоў, адпаведна, Адвэнту і працягваліся да Калядаў. Падчас Піліпаўскіх вячорак шмат спявалі песен, а таксама расказвалі розныя павер’і.
Піліпаўскія вячоркі былі неад’емнай часткай жыцця вясковай моладзі. Нягледзячы на пост, моладзь спявала песні, гуляла ў гульні. У дом на вячоркі абавязкова зазіралі хлопцы. Яны не толькі жартавалі, але і выглядвалі працавітую нявесту, бо на Масленіцу пачынаўся сезон вяселляў.
І так, пачынаем пастаноўку “Піліпаўскія вячоркі”.
Пакой прыбраны пад інтэр’ер вясковай хаты. Направа стаіць стол, каля стала — лавы, налева (у кутку) — печ. У пакоі засланы ручнікі з беларускім арнаментам, вышыўкай і карункамі, саматканымі посцілкамі.
Гаспадыня цётка Ганна прыносіць сподачкі і кубкі, растаўляе на стол. Ціха спявае песню “Чаму ж мне не пець...”:
Чаму ж мне не пець?
Чаму ж не гудзець,
Калі ў маёй хатачцы
Парадак ідзець?
Чаму ж мне не пець?
Чаму ж не гудзець?
Мушка на ваконцы
У цымбалкі б’ець.
Чаму ж мне не пець?
Чаму ж не гудзець?
Павучок на сценцы
Кросенцы снуець.
Цётка Ганна: Добры дзень, паважаныя госці! (звяртаецца да гледачоў). Вельмі прыемна, што вы завіталі да мяне сёння на вячоркі. Абяцалі яшчэ прыйсці мае суседкі і дзяўчаткі…
Учора некаторыя былі, бачыце, нават прылады працы пакінулі, каб сёння працаваць далей…
А пакуль дзяўчаты не прыйшлі, давайце разам успомнім, што такое вячоркі, адкуль прыйшоў гэты звычай. Хто адкажа?
(Прыкладныя адказы: вячоркі пачыналіся пасля заканчэння асенніх палявых работ. У Беларусі моладзевыя вечарынкі граліся з пачатку Піліпаўскага (Каляднага) посту да пачатку Вялікага посту, што нярэдка супадала з перыядам зімовых прац — прадзеннем у жанчын і пляценнем лапцяў у мужчын.
Як правіла, на вячоркі запрашаліся нежанатыя хлопцы, а праца заканчвалася пачастункам, спевам песень і танцамі.
Вячоркі склікаліся часта для жаночых калектыўных работ і з'яўляліся выглядам суседскай узаемадапамогі і цікавага часуправядзення).
Цётка Ганна: Так, мае даражэнькія, з глыбокай даўнасці да нас прыйшоў гэты звычай – вячоркі. І гэта была не толькі сумесная праца, калі вопытныя праллі перадавалі свой працоўны вопыт маладым. Яны паміж сабой спрачаліся: хто хутчэй прадзе, у каго з іх танчэйшая нітка. І старэйшыя прыкмячалі, якая дзяўчына больш спраўная, акуратная, працавітая, гатовая да шлюбу, каб потым пасватаць да яе сыноў. Акрамя гэтага, можна было пачуць вершы, казкі, паданні, розныя жарты, цікавыя гісторыі.
Вы адзначылі, што вячоркі суправаджаліся вясёлымі песнямі, танцамі, гульнямі, жартамі. У асноўным гэта было так, але вы павінны ведаць, што ў жыцці продкаў былі моманты духоўнага і цялеснага ўпрымання, калі ежа падавалася посная і настрой жыцця гарманіраваў сумнаму настрою надвор’я і прыроды.
Да такога перыяду і адносяцца Піліпаўскія вячоркі, якія пачыналіся з надыходам маразоў і праходзілі на працягу ўсяго піліпаўскага посту, у час якога забараняліся ўсялякія весялосці, ігрышчы. Але менавіта доўгімі піліпаўскімі вечарамі нашымі бабулямі і матулямі былі зроблены самыя прыгожыя, самыя разнастайныя карункі, вышыўкі і спрадзены многія вёрсты нітак…
Цётка Ганна (да слухачоў): Чуеце, нехта ў дзверы стукае! (Адчыняе дзверы).
Заходзяць суседкі, дзяўчаты.
Дзяўчаты: Добры вечар у хату!
Добрым людзям добры вечар!
Прыйшлі мы да вас на вячоркі.
Суседка: Шчыра ўсіх вітаем! Добрага здароўя, Ганначка, жадаем!
Цётка Ганна: Заходзьце, заходзьце, гасцям мы заўсёды рады! Праходзьце, дзяўчынкі і жанчынкі, сядайце, каму дзе зручней, разбірайце свае прылады працы і будзем размаўляць, працаваць і самотныя песні спяваць.
Дзяўчына 1: I праўду ў народзе кажуць: «Добра ў той дом зайсці, дзе рады вам гаспадары».
Цётка Ганна: Будзьце як дома. Сядайце, калі ласка!
Дзяўчаты садзяцца па чарзе, прымаўляючы:
Сядзем радком, пагаворым разком.
За добрай размовай і справа хутчэй робіцца.
Якая справа, такое і слова.
Нічога само не робіцца.
Не так лёгка зрабіць, як сказаць.
Сёння зробім, заўтра знойдзем.
Але якія вячоркі без песень!
Дзяўчына 2: А чаму вы, цётка Ганна, кажаце, што будзем толькі самотныя песні спяваць?
Цётка Ганна: А таму, мая даражэнькая, што з 28 лістапада пачаўся Піліпаўскі пост, які будзе цягнуцца шэсць тыдняў, аж да самых Каляд. І таму песні гэтага часу больш сумныя, тужлівыя: паставыя, з роздумам аб сэнсе жыцця, пра жаночую долю, сямейныя ўзаемаадносіны, горкае дзявочае каханне…
Давайце зараз і паспяваем адну з такіх песен. Песня “Цячэ быстра рэчка” (дадатак 1).
Усе разам спяваюць песню “Цячэ быстра рэчка”
Дзяўчынка 3: Цётка Ганна, а я чула, што цяпер нельга гуляць вяселлі, а чаму?
Цётка Ганна: Так, так, дзяўчаткі, сапраўды нельга. У межах піліпаўскага посту і нашы продкі ніколі не выбіралі нават даты вяселля, таму што ў гэты час праходзяць так званыя ”воўчыя” вяселлі і лічыцца, што калі маладыя сыдуцца на Піліпаўку, то і жыць будуць, як ваўкі, а гэта значыць - “грызціся” ўсё жыццё. Дарэчы, у чэты ж час ваўкі вучаць сваіх ваўчанят здабываць сабе ежу і ходзяць зграямі. Таму, хто жыве каля лесу, трэба быць асцярожнаму…
Дзяўчына 4: Дык праўду мой бацька гаворыць, што ў Піліпаўку воўк нема вые і зграю збірае.
Цётка Ганна: Чыстая праўда. Таму цяпер, дзяўчаткі, для нас галоўны занятак не дату вяселля выбіраць, а апрацоўваць лён, авечую воўну і прасці ніткі.У народзе кажуць: “Што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш”. У чэты час можна і вышываць, і вязаць, і рамантаваць адзенне…
Дзяўчынка 5: А чым хлопцы будуць займацца ў час піліпаўскага посту?
Цётка Ганна: А хлопцы падрыхтуюць кросны і будуць дапамагаць маці навіць на кросны падрыхтаваную аснову. Кросны будуць стаяць у хаце да самай вясны. І за гэты час будзе выткана шмат палатна для сарочак, ручнікоў, паясоў, посцілак, а таксама ходнікаў, прыгожых дываноў…
Дзяўчына 1: Нездарма мая бабуля гаворыць: “Піліп дзяцей адзявае!”
Дзяўчына 2: А мая маці кажа:”Піліпаўскія ночкі прадуць сарочкі!”
Дзяўчына 3: А ці ведаеце вы, дзяўчаты, такую прыкмету пра надвор’е: “Як у Піліпаўку навісь на дрэвах, то будзе ўраджай на хлеб”. Так заўсёды мой дзядуля гаворыць.
Цётка Ганна: Шкада, што сёлета Піліпаўка не такая, якраз 28 лістапада навісі не было, надвор’е было хмурнае, месцамі з дажджом. Гэта значыць, што і май будзе мокрым.
Дзяўчына 4: Успомнілі вясну, а мне захацелася даведацца, ці пойдзе хто з нас замуж у наступным годзе? Цётка Ганна, можа вы якія-небудзь варожбы ведаеце?’’
Цётка Ганна: Ведаю. Напрыклад, каб даведацца, быць ці не быць новай сям’і, гадаюць на сцяблінках высушанага лёну ці ўкропу.. Трэба ўзяць дзве сцяблінкі, падпаліць іх ды падкінуць ўгару. Калі яны пераблытаюцца паміж сабой, значыць, павяжуць рукі маладых вясельным ручніком, калі не – сядзець у дзеўках яшчэ год.
Суседка: А я ведаю, як гадаць пра тое, якой з дзяўчат будзе лепш замужам. Нясі, Ганна, свае лучыны, замочаныя ў вадзе.
Цётка Ганна: А вось яны. Падпальвайце, дзяўчаты. Шчаслівай у жыцці будзе тая, у каго лучына гарыць ярчэй.
Дзяўчаты варожаць: падпальваюць лучыны і дзівяцца,
у каго гарыць ярчэй.
Цётка Ганна: Пра вяселле загавырылі, а чаму ж вы адны прыйшлі, дзе вашы хлопцы падзеліся?
Дзяўчына 5: Ды не ведаем… Мабыць, заблудзіліся цёмнай ноччу. Ну, няхай блудзяць, а мы паспяваем якую-небудзь песню. Песня “Чаму ж не прыйшоў…” (дадатак 2).
Усе спяваюць песню “Чаму ж не прыйшоў…”
Стук у дзверы. Заходзяць у хату двое хлопцаў.
Хлопец 1: Добры вечар у хату! Ці можна да вас на вячоркі завітаць, добрага здароўя пажадаць? Вось мы пачулі прыгожую песню і вырашылі паглядзець, хто так прыгожа спявае?
Хлопец 2: Прывітанне ўсім! Дазволь, паважаная гаспадыня, вечар у вас скаратаць.
Цётка Ганна: Праходзьце, калі ласка, паважаныя госці, рады вас бачыць.
Хлопец 1: Мы прыйшлі, каб песні паслухаць і дзяўчат-рукадзельніц пабачыць.
Хлопец 2: А заадно і кошыкі паплясці, абутак падмайстраваць.
Цётка Ганна: Сядайце, хлопчыкі ля дзяўчат, хоць сёння вы вясёлых песень не пачуеце і ў вясёлых танцах не паскачаце, але працу прыгажунь-дзяўчат убачыце. Можа да якой і прыгледзіцеся. А там, пасля посту, і вяселле згуляем.
Хлопец 1: Можа і прыгледзімся. Глянь, Рыгор, якія прыгожыя ручнікі ў хаце. Цётка Ганна, а хто іх ткаў і вышываў?
Цётка Ганна: Гэта ручнікі маёй маці, яны для мяне многа значаць. Сапраўды, ручнікі – гэта не проста кавалак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. Ручнік цесна звязан з жыццём чалавека з моманту яго нараджэння і да самай смерці. І ў нас на Скідзельшчыне ёсць шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў. Давайце разам успомнім, хто ведае?
Суседка: На ручніку падносяць хлеб-соль, вітаючы дарагіх гасцей, а таксама сустракаюць і праводзяць маладых на парозе хаты.
Цётка Ганна: А ручнік, на якім маладыя стаяць у храме ў час вянчання, захоўваюць усё жыццё, як залог сямейнага шчасця.
Дзяўчына 1: Я ведаю, што ручніком упрыгожваюць чырвоны кут хаты, пакрываючы ім абразы. У маёй бабулі так.
Дзяўчына 2: А яшчэ ручніком абвязваюць сватоў на вяселлі.
Цётка Ганна: Так, так. А яшчэ на шлюб бацька тройчы абводзіў дачку вакол стала, апаясаўшы спецыяльным ручніком. І яшчэ, калі родзіцца дзіця, то раней яго амывалі і пеленалі ў тонкі ручнік. Ёсць і іншыя звычаі, але пра гэта іншым разам параспавядаем.
А зараз я хачу звярнуцца да хлопцаў, каб яны што цікавага нам расказалі.
Хлопец 1: Добра, слухайце. Вось мы зараз загадаем загадкі і даведаемся, хто з вас адгадае.
Хлопец 2: І праўда, хто загадку адгадае – арэшак моцны атрымае. Слухайце, дзяўчаты, і адгадвайце:
Маленькі, гарбаценькі, а ўсё поле абскача (серп).
Зубытыя, а не кусаюцца (граблі).
Сам драўляны, а галава жалезная (малаток).
Дровы нарыхтоўвае працаўніца дбайная, галава сталёвая, тулава- драўлянае (сякера).
Есці век яна не просіць, хоць зубоў і многа мае, як працуе - сыпле проса, весела спявае (піла).
Ручка ёсць, а не граблі, зямлю рые, а не барана (рыдлёўка).
Ходзіць, скача па пакоі дзед з доўгай барадою, як няма чаго рабіць, у куце тады стаіць (венік).
Глянеш – заплачаш, а ўсе яму рады (сонца).
Рыкнуў вол за многа гор, за многа вод, за многа сёл (гром).
Цераз палі, цераз лугі спусціліся канцы дугі (вясёлка).
Вечарам нараджаецца, ноч жыве, а раніцай памірае (раса).
Без рук, без галавы, а маляваць умее (мароз).
Хлопец 1: Малайцы, усе загадкі адгадалі. А можа песню яшчэ заспяваеце? Песня “Каліна” (дадатак 3).
Усе спяваюць песню “Каліна”.
Дзяўчына 1: Цётачка Ганна, як жа смачна пахне ў вашай хаце.
Цётка Ганна: А што ж вы думалі! Вось печана бульбачка, агуркі, грыбочкі… Частуйцеся, калі ласка! Я ведала, што вы да мяне заглянеце, таму трошкі падрыхтавалася… Вось сушаныя яблыкі, грушы…
Усе пачынаюць частавацца.
Хлопец 1: Хопіць нам ужо, сябры, працаваць, спяваць, частавацца, шкада, але трэба, цётка Ганна, з вамі развітацца (дадатак 4).
Суседка: Дзякуй, суседка Ганна, за прытулак, за пачастунак.
Дзяўчаты (па чарзе):
Дзякуем вам, цётка Ганна!
Дабранач, бывайце!
Заўтра зноў нас чакайце!
Цётка Ганна: Шчаслівай дарогі. І заўтра маёй хаты не мінайце, а зараз ідзіце і адпачывайце.
Усе госці выходзяць.
Цётка Ганна прыбірае са стала і спявае:
Чаму ж мне не пець?
Чаму ж не гудзець,
Калі ў маёй хатачцы
Парадак ідзець?..
Заключэнне
Выхаваць грамадзяніна – адказная і складаная справа. Пазаўрочная дзейнасць выкладчыкаў ліцэя дапамагае вучням пазнаёміцца з цэлай сістэмай свят, абрадаў, гульняў, ігрышчаў, што замацаваліся ў быце і зрабіліся пэўнымі арыенцірамі пры выкананні сельскагаспадарчых работ і пад час адпачынку ў гадавым коле.
Правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных традыцыям беларускіх свят, дазваляе паглыбіць веды пра гісторыю і культуру роднага краю, развіваць творчую цікавасць, выхоўваць павагу да гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчыны, а таксама садзейнічае ўсведамленню навучэнцамі значнасці малой радзімы ў лёсе кожнага чалавека.
Такім чынам, мы можам ганарыцца перад усім светам духоўным багаццем, якое мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў. Каб традыцыі не страціліся, патрэбна не толькі захаваць усю самабытнасць у культурным асяроддзі, але неабходна зберагчы і перадаць будучым пакаленням гэтае багацце.
Вялікі скарб для нас – гэта народныя святы, абрады, звычаі. Да сённяшніх дзён яны не страцілі сваёй мэтавай накіраванасці і прызначэння ў народным жыцці, здолелі захаваць у сабе адну з найцікавейшых старонак народнага побыту, нашай нацыянальнай культурнай спадчыны.
Спіс літаратуры:
Вянок беларускіх народных песень / запіс У. Раговіча. — Мінск: Навука і тэхніка, 1988. — 432 с.
Крук Я. Сімволіка беларускай народнай культуры. 2-е выд. – Мінск : Беларусь, 2011. – 430 с: іл.
Ліс А.С. Валачобныя песні. – Мн.: Навука і тэхніка, 1989. – 207с.
Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с.
http://latvia.head.by/be/bielarusy/supolki_news/ff0fb1f04d954de1.html
http://xn--80azkbz6b.xn--80ahe1ag.xn--90ais/vosen/zaprashaem-na-vyachorki1
https://ethno-tour.grsu.by/de/ethnic-tourism-sights-by/51-narodnyya-zvychai-i-abrady/153-pilipa-skiya-vyachorki
Дадатак 1.
Песня “Цячэ быстра рэчка”
Цячэ быстра рэчка
Ды пад варата,
Не смейся, казачэ,
Што я сірата.
Не смейся, казачэ,
Што я сірата.
Каб ты прыйшоў у сваты,
То я б не пайшла.
Не бойся, дзяўчына,
У сваты не прыйду,
Паеду ў Расею,
Красіўшэ знайду.
Праехаў у Расею
І ўсе гарада.
Не бачыў красіўшэ,
Як ты, сірата.
Выходзіць дзяўчына
Заплаканая.
Ды тым казачэнькам
Засватаная.
Дадатак 2.
Песня “Чаму ж не прыйшоў…”
Чаму не прыйшоў
Як месяц узышоў?
Я цябе чакала.
Ці каня не маў?
Ці сцежкі не знаў?
Ці маці не пускала?
І каня я маў,
І сцежачку знаў,
І маці пускала,
Малодшая сястра,
Бадай не ўзрасла,
Сядзельца схавала.
А старшая сястра
Сядзельца знайшла,
Каня асядлала.
Паязджай, браток,
Да дзяўчыны той,
Што цябе чакала.
Цячэ рэчанька,
Цячэ хуткая
Скочу-пераскочу.
Ой, аддай-аддай
Мяне мамачка,
За каго я хочу.
Дадатак 3.
Песня “Каліна”
Ой, пайду я на ту гору,
Пагляджу на ту даліну.
Даліна шырока, каліна высока –
Аж да долу голле гнецца.
А пад тою каліною
Стаяў хлопец з дзеўкаю.
Дзяўчыначка плача, слёзы пралівае,
Сваю долю праклінае.
Ой, калі б я тое знала,
Не йшла замуж, я б гуляла.
Я ў роднай мамкі, я ў свайго таткі,
Як вішанька расцвітала.
Замуж выйсці трэба знаці -
Позна легчы, рана ўстаці.
Позненька лягала, раненька ўставала,
Сваю долю праклінала.
Ой, пайду я на ту гору,
Пагляджу на ту каліну.
Сама я садзіла, сама палівала,
Сваю долю праклінала.
Сама я садзіла, сама палівала,
Сваю долю не ўгадала.
Сама я садзіла, сама палівала,
Няма таго, што кахала.
Дадатак 4.
Фотаздымкі з мерапрыемства “Піліпаўскія вячоркі”
16